ВЕРШАФОРМЫ 


Антось Сівых



Вершаформы Беласточчыны: паэзія, памяць і візуальныя вобразы

Падчас рэзідэнцыі ў Мохнартэ мастак Антось Сівых даследаваў лірыку і міфатворчасць Беласточчыны, ператвараючы паэтычныя творы і народныя песні ў візуальныя працы — Вершаформы.
У цэнтры ўвагі мастака былі творы на беларускай, падляскай і польскай мовах, а таксама сустрэчы з мясцовымі аўтарамі, паэтамі, краязнаўцамі і жыхарамі рэгіёна.

Разам з этнографкай Ірынай Паўловіч мастак наведваў навакольныя вёскі і мястэчкі, дакументаваў мясцовыя гісторыі і размаўляў з людзьмі, якія па-рознаму ўспрымаюць і захоўваюць культурную спадчыну гэтых мясцін. Антось выбіраў творы як сучасных аўтараў, так і старэйшых пакаленняў, а таксама народныя радкі, ператвараючы іх у візуальныя вобразы.

Вершаформы — мастацкі кірунак, які Антось Сівых развівае ўжо сем гадоў. Гэта спосаб перанесці паэзію ў іншы медыум і кантэкст, працуючы са словам і літарай, візуальным вобразам, кампазіцыяй і дынамікай. Так мастак стварае магчымасць размаўляць пра паэзію і яе тэмы з людзьмі незалежна ад іх мовы і паходжання.

Падчас рэзідэнцыі Антось правёў варштат для  маладых удзельнікаў падкаста «Heta My» — ініцыятывы, прысвечанай беларускай культуры, мове і ідэнтычнасці на Падляшшы. 
Кожны ўдзельнік стварыў уласную Вершаформу на аснове абранага твора, знайшоўшы індывідуальны візуальны стыль.

Адной з выніковых прац у рэзідэнцыі сталі распісаныя «боты Марка», якія суправаджалі мастака ў вандроўках на працягу трынаццаці гадоў, у тым ліку ў доўгім падарожжы са Скандынавіі да Беласточчыны.

На адным боце Антось размясціў радкі народнай песні «А чыя то хата» — варыянт якой быў знойдзены ў вёсцы Збуч і запісаны са слоў спявачкі Каці Ціханюк. На другім — радкі калыханкі «Кую, кую ножку», якую мастак памятае ад сваёй прабабулі са Случчыны. У Студзіводах яе таксама агучыў па-падляску Дарафей Фіёнік.
Паміж ботамі, на дошцы, знайшлі месца і пяць фрагментаў вершаў — па адным з кожнага краю, праз які пралягаў памежны шлях мастака.

Для Антося Сівых Беласточчына застаецца прасторай для новых даследаванняў, творчых адкрыццяў і пераасэнсавання культурнай спадчыны — як той, што захоўваецца стагоддзямі, так і той, што ствараецца сёння.



︎︎︎ Антось Сівых


Антось Сівых (нар. у 1999 годзе ў Мінску) — візуальны мастак, рэжысёр і вынаходнік, які жыве і працуе ў Лодзі, Польшча. Яго міждысцыплінарная практыка ахоплівае візуальную паэзію, каліграфію, відэамастацтва, дакументальнае кіно і партысіпаторныя праекты.

З 2018 года ён развівае «Вершаформы» — эксперыментальны мастацкі кірунак, у якім вершы ператвараюцца ў візуальныя структуры праз рукапісны тэкст, паступова пераўтвараючы мову ў выяву. У сваіх працах мастак даследуе мову, вымушанае перамяшчэнне, гарадскую прастору і калектыўны досвед, часта залучаючы людзей у публічных прасторах.

У 2020 годзе ён заснаваў у Лодзі Lodka Production, якая займаецца стварэннем незалежных фільмаў, відэамастацтва і праектаў, арыентаваных на канкрэтныя месцы. У 2024 годзе ў Музеі кнігі мастака ў Лодзі адбылася яго першая персанальная выстава. Антось працягвае працаваць над міждысцыплінарнымі праектамі, даследуючы ўзаемасувязь паміж паэзіяй, выявай і ўспрыманнем.