ART MALADNIAK


Open Call



Art Maladniak — прастора для свабоднай творчасці, эксперыменту і развіцця новых ідэй.

Фонд Mochnarte запрашае беларускіх мастакоў, куратараў і творчых дзеячаў ва ўзросце 18–35 гадоў да ўдзелу ў рэзідэнцыйнай праграме Art Maladniak у вёсцы Мохнатэ на Падляшшы, Польшча.

Art Maladniak — гэта магчымасць на пэўны час засяродзіцца на ўласнай творчай або куратарскай практыцы, даследаванні, эксперыменце і развіцці новых ідэй.

Рэзідэнцыя працягваецца ад аднаго да двух тыдняў. Таксама магчыма падзяліць яе на два асобныя перыяды на працягу года, калі гэта лепш адпавядае патрэбам удзельніка і характару яго працы.

Мы не патрабуем стварэння асобнага завершанага праекта падчас рэзідэнцыі. Можна працаваць над новым праектам, працягваць ужо распачатую працу, займацца даследаваннем, эксперыментаваць або выкарыстоўваць гэты час для пошуку і развіцця новых ідэй.

Для нас важныя не толькі вынік, але і сам працэс, эксперымент, развіццё ўласнай практыкі і магчымасць свабоднай творчай працы.

Што прапануе Mochnarte

• пражыванне і харчаванне;
• прастору і ўмовы для творчай працы;
• кампенсацыю выдаткаў на праезд;
• матэрыялы, неабходныя для працы, паводле папярэдняга ўзгаднення;
• арганізацыйную падтрымку падчас рэзідэнцыі.


Нашы прынцыпы

Mochnarte імкнецца стварыць бяспечную прастору для свабоднага творчага выказвання, незалежнай працы і эксперыменту без цэнзуры.

Фонд прытрымліваецца прынцыпаў роўнасці, недыскрымінацыі і інклюзіўнасці. Мы вітаем людзей розных ідэнтычнасцяў і досведаў, у тым ліку прадстаўнікоў меншасцяў, ЛГБТК+ супольнасці і людзей з інваліднасцю.

Калі для ўдзелу ў рэзідэнцыі патрэбныя дадатковыя або адаптаваныя ўмовы, паведаміце нам пра гэта — мы пастараемся знайсці адпаведнае рашэнне.



Хто можа падаць заяўку

Да ўдзелу запрашаюцца беларускія мастакі, куратары і творчыя дзеячы ва ўзросце ад 18 да 35 гадоў, зацікаўленыя ў развіцці ўласнай практыкі, даследаванні і эксперыменце.

Мы адкрытыя да розных мастацкіх, куратарскіх і іншых творчых практык.



Як падаць заяўку

У межах праграмы прадугледжана толькі 12 месцаў. Колькасць удзельнікаў абмежаваная.
Пра закрыццё прыёму заявак мы паведамім на нашых старонках.


Каб падаць заяўку, дашліце на mochnarte@gmail.com:

  1. CV — кароткую інфармацыю пра сябе і свой прафесійны досвед.
  2. Партфоліа або іншую прэзентацыю вашай творчай дзейнасці.
  3. Апісанне таго, над чым вы хацелі б працаваць або чым займацца падчас рэзідэнцыі.
  4. Пажаданыя даты і працягласць рэзідэнцыі.
  5. Пазначце актуальную краіну пражывання.



Пасля рэзідэнцыі

Пасля завяршэння рэзідэнцыі ўдзельнік павінен прадставіць справаздачу аб рэзідэнцыі і праведзенай працы.

Мы чакаем ад удзельнікаў адкрытасці да эксперыменту, самастойнасці і адказнага стаўлення да сумеснай прасторы.